Кіслы прысмак карпаратыўнай этыкі

Віталь Краўчанка працягвае з асалодай займацца рэжысурай: за паўтара года ў статусе дыпламаванага спецыяліста ён ставіць свой чацвёрты спектакль. На пляцоўцы “Альфа-тэатра” з’явіўся “Метад Гранхольма”.

Вам калі-небудзь прапаноўвалі запхнуць жырафу ў лядоўню? “Так” адкажуць тыя, хто праходзіў гутарку на жаданую вакансію ў кампаніі, якая захапляецца стрэсавымі інтэрв’ю. Хваля любові да нестандартных метадаў падбору персаналу дакацілася да Беларусі з дзясятак гадоў таму. У першааснове, здавалася б, добрая мэта: выявіць, як прэтэндэнт на пасаду (дарэчы, не абавязкова на прэстыжную ці нечым адметную) можа паводзіць сябе ў нестандартных сітуацыях. Рэжысёр Віталь Краўчанка першым у Беларусі ўзяўся за модную ў свеце п’есу іспанскага драматурга Жорды Гальсерана, каб паразважаць пра наступствы, якія могуць мець для адных паперакручаныя спосабы выціскаць апошнія сокі з “прасіцеля” месца, а для другіх — імкненне чаго б гэта ні каштавала дабіцца пасады.

 

Сталічны офісны трылер — не першая праца рэжысёра з дадзеным матэрыялам. Улетку Віталь Краўчанка выпусціў спектакль “Метад” у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. У абедзвюх версіях рэжысёр супрацоўнічае з сцэнографам-пачаткоўцам Крысцінай Баранавай. Студэнтка Акадэміі мастацтваў за аснову ўзяла геаметрычную дакладнасць прасторы, вывераную — да відавочнай хваравітасці — сіметрыю, якая набліжае сцэнічны офіс да стэрыльнай аперацыйнай. Вобраз нездаровай правільнасці дапаўняе колеравае рашэнне: узяты

 

толькі чыстыя, без прымесяў і адценняў белы, чырвоны, чорны. Акцёры апрануты ў тую ж каляровую гаму — ідэальнае спалучэнне чалавека і інтэр’ера, калі работнік не выбіваецца з шэрагу офіснай мэблі. Пры такім падыходзе нават, здавалася б, піжонскія чырвоныя шкарпэткі суіскальніка ў строгім дарагім касцюме падаюцца загадзя ўзгодненым бунтарствам.

 

У гэтым вычышчаным ад эмоцый і пачуццяў памяшканні выбіваюцца па ўсіх прыкметах лімоны, чый натуральны жоўты колер у прапанаваных абставінах падаецца амаль атрутным. (Дарэчы, у гомельскім варыянце былі апельсіны, у Мінску ж, мяркуючы па ўсім, рэжысёр вырашыў зрабіць метафару больш відавочнай). На працягу спектакля з тых лімонаў здымаюць скуру, рукамі выціскаюць сок да апошняй кроплі, іх душаць, ядуць жыўцом, нават не скрывіўшыся. У чатырох суіскальнікаў на месца камерцыйнага дырэктара міжнароднай кампаніі не засталося кропак рэагавання, каб адчуваць не толькі горкасць лімона, але і гора чалавека.

 

Геаметрыю прасторы спадар Краўчанка імкнецца захаваць пры пабудове мізансцэн. Час ад часу здаецца: пакладзі паміж персанажамі рулетку — і пабачыш на шкале аднолькавыя лічбы адлегласці. Тую ж дакладнасць ліній чакаеш і ад персанажаў, на першых хвілінах падрыхтаваўшыся навесіць на кожнага з іх канкрэтны ярлык: цынік, няўклюдны дабрак, рамантычны прастак, жалезная лэдзі. Але то быў бы не Краўчанка, каб так проста весці сваіх герояў. І справа не толькі ў заліхвацкім дэтэктыўным сюжэце, па якім суіскальнікам неабходна вылічыць, хто з іх з’яўляецца падсаднай качкай — штатным псіхолагам тамтэйшага НR-аддзела. Персанажы акцёраў Марыны Паддубнай, Івана Кушнерука, Васіля Казлова і Аляксандра Зелянко ў напружаным тэмпарытме змяняюць перад гледачамі свае маскі, быццам хамелеоны, падстройваючыся пад патрабаванні нябачных наймальнікаў.

 

У гэтым месцы дазволю сабе яшчэ адзін камплімент у бок артыстаў і рэжысёрскай задачы: у шматтэкставым спектаклі, задуманым без падтрымкі мультымедыя, камп’ютарнай графікі ці спецэфектаў, чатыром акцёрам паўтары гадзіны без антракта ўдаецца працаваць на піку эмоцый, не зваліўшыся пры гэтым ў істэрыю, якая, на вялікі жаль, гучыць са многіх прафесійных сцэн. Ды і сам малады рэжысёр умела балансуе паміж касавасцю (камерцыйны поспех — усё ж адзін з галоўных чыннікаў для прэм’еры на недзяржаўнай тэатральнай пляцоўцы) і філасофскай глыбінёй узнятай тэмы.

Спектакль будуецца па прынцыпе квэсту, што сёння ў трэндзе: канверты з заданнямі, нябачны супернік і абмежаваны час, сыход якога адмяраецца секундамерам. Толькі на кану не порцыя адрэналіну ў сувязі з выйгрышам, а сумленне, этыка, гонар — тое “залішняе”, чым лёгка гатовы ахвяраваць прэтэндэнты на высокі пост. Жанр трылеру разыграны як па нотах. Для нагнятання атмасферы ў пікавыя моманты нават гучыць назойлівая “трывожная музыка” (адзінае пастановачнае рашэнне, якое ўсё ж паказалася залішне надакучлівым).

 

Фінал паказальны: пераможцаў няма. І не толькі па сюжэце. Тут можна доўга разважаць, чаму чалавек, дабраўшыся да хоць-якога прывіду ўлады, пачынае карыстацца ёю так, што ў іншых трашчаць косткі. З жорстка запраграмаванай сістэмы выходзяць такія ж жорсткія людзі… Спойлераў даваць не буду, падкрэслю іншае: нельга бязмежна давіць на псіхіку — вы атрымаеце зломленага чалавека, ды і самі згубіце чалавечае аблічча. У выніку і выпрабавальнікі, і паддоследныя сканчаюць тым самым выціснутым лімонам: без душы, без эмоцый і без сэнсу для існавання, бо грошы і прэстыжнае месца без чалавечых “слабасцяў” у выглядзе кахання, спачування, дабрыні, сяброўства абавязкова напрыканцы становяцца абгорткай дарма пражытога жыцця.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

 

"Культура" №50 (1333), 16.12.2017